| Тыдзень беларускай мовы і літаратуры-2020 |
У апошнія часы актывізуецца пошук і шырокае выкарыстанне методык, якія дазваляюць значна павысіць эфектыўнасць вывучэння беларускай мовы і літаратуры, пазакласнай працы.
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры з’яўляецца адной з форм пазакласнай працы. Ён праводзіцца, каб узмацніць матывацыю да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, культурнай і гістарычнай спадчыны нашай краіны.
У 2019/2020 навучальным годзе Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе прайшоў з 17.02 па 22.02 пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку– размаўляй па-беларуску».
Праграма тыдня ўтрымлівала разнастайныя формы і метады вучэбнай працы: спаборніцтвы, віктарыны, выставы, дыдактычныя гульні, віртуальныя падарожжы дазволілі дзецям больш даведацца пра багатую спадчыну беларускага народа.
Эпіграф тыдня
Як ёсць цяпер, не будзе так заўжды,
Дасць людзям розум Бог абавязкова,
Няхай не зараз, пройдуць хай гады,
Ды вернецца народу продкаў мова.
Эмблема тыдня

Як гэта было…
Акцыя “ Павітайся па-беларуску!”
А пачаўся наш тыдзень так… На ўваходзе ў школу працавала каманда вучняў, якія віталі і раілі добрага дня сваім настаўнікам, сябрам і іх бацькам на беларускай мове, якія ў сваю чаргу таксама павінны былі павітацца і пажадаць усім усяго найлепшага на беларускай мове…Усе ўдзельнікі акцыі атрымалі салодкія падарункі.
Пачаўся тыдзень і адкрыццём АРТ-пляцоўкі фотазоны.
Цікава прайшла ў першы дзень тыдня інтэрактыўная гульня для вучняў 9-ых класаў “Сваімі словамі”, якую падрыхтавала і правяла Шылёнак Т.П.
Важна адзначыць значную ролю школьных бібліятэк у складаным працэсе папулярызацыі і прапагандзе кніжнай спадчыны Беларусі, гісторыі беларускай мовы і кнігадрукавання…
У аўторак у бібліятэцы праходзіла выстава кніг, прысвечаная 85-годдзю са дня нараджэння Р.Барадуліна. Ліпчык М.І. аформіла стэнд, прысвечаны гэтаму паэту.
У сераду 19 лютага Дземідовіч А.Г. наладзіла квэст-гульню “Беларуская скарбонка” для вучняў 6-ых класаў. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды працавалі дружна і рашуча. Нягледзячы на тое, што ў гульні былі і пераможцы, і пераможаныя, усе засталіся задаволены гульнёй.
А вось сямікласнікам у гэты дзень асабліва запомнілася віктарына “Вандроўка па родным краі”, якую правяла Ліпчык М.І. Вучні падэманстравалі сваю дапытлівась.
У чацвер настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Ліпчык М.І. падрыхтавана і праведзена гульня для вучняў 11 класа “Слабае звяно”.
“Інтэрактыўную гульню для вучняў 10-ых класаў “Сваімі словамі” правяла Шылёнак Т.П.
А ў пятніцу 21 лютага адбыўся спектакль паводле твораў Ф.Палачаніна “Сцяпан і Вільяна”. М.Я. Літвін разам з вучнямі шостых-сёмых класаў паказала тэатральную пастаноўку з нацыянальным каларытам. Атрымалася сапраўднае свята да Дня роднай мовы.
У гэты ж дзень інтэлектуальная гульня “Пяць зорак” пад кіраўніцтвам Дземідовіч А.Г. сабрала вучняў 8-х класаў. Творчая вынаходлівасць і мастацкае афармленне мерапрыемства ўражвала нетрадыцыйным падыходам і бачаннем.
Якая багатая наша зямля на таленты! Гэта перш за ўсё нашы дзеткі, такія розныя, але аднолькава прыгожыя і цікавыя, кожны па-асобку і ўсе разам. Яны яшчэ толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях, але ўжо знаходзяцца ў творчым пошуку. Камусьці падабаецца маляваць, камусьці – спяваць і танцаваць, камусьці займацца спортам, а камусьці прыгожа чытаць вершы. І таму ў нашай школе кожны раз пад час тыдня беларускай мовы і літаратуры праходзіць літаратурна-музычная кампазіцыя “Гучы, роднае слова!”, якая і завяршае тыдзень.
Цікава і непаўторна прайшлі ўсе мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы. Вучні, настаўнікі і бацькі акунуліся ў беларускамоўнае інфармацыйнае мора, якое пакінула ў кожнага незабыўныя ўражанні і паказала, што родная мова – модная мова.
Хочацца падзякаваць усім, хто прымаў удзел і дапамагаў у арганізацыі мерапрыемстваў. Спадзяёмся, што ўсе атрымалі прыемную асалоду, цудоўны настрой і паглыбілі свае веды па мове, літаратуры .














